Мураваны скляпок (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
5 из 21
Выявiлася, што там трэба ўстаўляць усе кулакi, самае кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабiць зусiм новую, ды i барабан занадта ўжо нешта гайдаецца ў бакi, калi пхнеш яго рукой, - i яго трэба падмацаваць.
- Тут жа многа работы! - радасна заявiў Тоня Базылькевiч, ужо дыхаючы паветрам вялiкага заработку.
- Ну, што трэба, тое зробiш.
- Гэта ж выходзiць, што, можна сказаць, палавiну малатарнi трэба нанава зрабiць!
- Ну якая там, пане Базылькевiч, палавiна?
I яны пачалi таргавацца. Вытаргоўвалi спачатку па рублю, пасля па паўрубля, пасля спрачалiся хвiлiн пятнаццаць за дзесяць капеек. I от нарэшце старгавалiся. Тоня Базылькевiч пабег дадому канчаць гарадзiць плот.
- Толькi ж, пане Базылькевiч, вы не марудзьце тут мне з малатарняй, самi ведаеце - восень на носе, малацiць трэба будзе.
- Бог дасць, зраблю, - гукнуў у адказ Тоня Базылькевiч.
Да вечара ён яшчэ паспеў дагарадзiць плот, на змярканнi выехаў з драбiнамi i плугам на начлег, досвiткам i пакуль не ўзнялося сонца араў, пасля прыехаў дадому i пайшоў даводзiць да парадку Бiрылаву малатарню. Так пайшлi днi. Тоня Базылькевiч сляпiў свае хворыя вочы ўночы пры агнi, вычэсваючы кулакi. Малатарню ён упарадкаваў i пайшоў разлiчацца з Бiрылам.
- Я табе, пане Базылькевiч, дам цяпер палавiну грошай, а рэшту аддам увосень, як намалачу i прадам.
- Можна i так.
Увосень, пасля таго як дзень пры днi папагула спрытна наладжаная Бiрылава малатарня, Тоня зноў пайшоў па грошы.
- Пачакай, пане-браце, да замаразкаў, - скрывiў набок дробную галаву Бiрыла.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|