Над прасторами зямли (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 6

А калi яшчэ ўзяць пад увагу, што яны вольны, не прыкаваны да якога-небудзь пэўнага месца, што яны "вечна халодныя, вечна свабодныя", што ў iх няма нi "родзiны, нi выгнання", як сказаў аб iх паэт, дык стане яснаю ўся iх радасць i ўся паўната iх шчасця.

I гутарылi мiж сабою гэтыя хмаркi.

- Падымаецца зараз ветрык, i мы рушым у дарогу. Падумайце, якое гэта шчасце - не мець нiякага клопату, нiякiх турбот i вечна хадзiць па безгранiчных прасторах, калi табе ўсюды адкрыты дарогi, - гаворыць адна хмарка, грэючы на сонцы свае шаўкавiстыя ружовыя пасмачкi.

- I куды гэта паплывём мы сёння? - пытаецца другая, павiсшы ў небе вельмi прыгожымi завiтушкамi. - Мяне гэта надзвычайна цiкавiць, i ў гэтым гаданнi, калi хочаце, ёсць пэўная асалода.

- Што да мяне, - азвалася трэцяя, - то я хацела б унь туды - пайсцi следам за гэтым блiскучым срэбрам вады, што паблiсквае з-пад зялёных шатаў купчастых алешын.

- Ах, мiлыя, куды нi пойдзеш, усюды будзе добра, - заўважыла яшчэ адна хмарка.

- Я толькi не люблю гэтых пустак i гэтых жоўтых пяскоў, бо сярод iх так аднастайна i так непрытульна, i калi мне здараецца праходзiць над iмi, то я стараюся знiкнуць або зусiм не глядзець на iх, каб не бачыць убоства iх, зазначыла папялястая хмарка.

- Хутчэй, хутчэй бы ў дарогу! - загаманiла хорам цэлая чародка хмарак. - I дзе гэта падзеўся вецер? Ужо сонца стаiць над лесам, пара б нам i рушыцца.

- Пастойце, родныя, не спяшайцеся, - пачуўся новы голас, i голас iшоў знiзу. Адна хмарка стаяла нiжэй.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]