Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
2 из 17
У вынiку ў маiм дзёньнiку, дзе я да непрыстойнасьцi цнатлiва прызнаваўся ў каханьнi да аднаклясьнiцы Люды, зьявiўся ляпiдарны запiс: "В зоопарке лама чихнула на Скрипкина".
Але гэта было ня самае моцнае рыскае ўражаньне. Ня самым моцным было й тое, што ў трамваi з мноствам вольных сядзеньняў мяне зь Вiцем прымусiлi падняцца й саступiць месца дзьвюм бабулям, i тое, што вакол гаварылi не па-расейску, як у нас, у Полацку, а на зусiм незразумелай мове (балазе, настаўнiк геаграфii папярэджваў, што ў Латвii жывуць нацыяналiсты).
Наймацнейшым маiм уражаньнем было мора. Плюхаючыся на юрмальскiм плыткаводзьдзi памiж далёкiмi караблямi й блiзкiмi, парослымi хвоямi выдмамi, я злавiў сябе на тым, што пачаў размаўляць зь iм, з морам, i папрасiў у яго зрабiць маё пачуцьцё да аднаклясьнiцы Люды ўзаемным.
Мора не дапамагло, але з таго часу я заўсёды гавару зь iм i чаго-небудзь у яго прашу.
Гэтыя чульлiвыя прыгады спавiваюць мяне ў купэ мiжнароднага цягнiка Менск-Талiн, вядомага яшчэ як "Чайка". За вакном мяняюцца ахайна-халаднаватыя летувiскiя краявiды; сям-там трапечацца на ветры тутэйшы трыкалёр, пад якiм вяртаецца да ўлады цi то понас цi то таварыш Бразаўскас зь ягонай былой кампартыяй i жыве мой сябра гiсторык Гедымiнас, якога днямi ўжо не пусьцiлi ў архiў КГБ.
Пасьля першай дзiцячай вандроўкi рыскiя пеўнi безьлiч разоў сустракалi мяне зь менскiх i полацкiх цягнiкоў i аўтобусаў, i мне здавалася, што нi ў воднага зь iх нi разу ня ўзьнiкла ахвоты зьляцець са свайго сьпiчака й дзюбнуць мяне ў тое месца, дзе сьпiна страчвае сваё годнае найменьне.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|