Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир (2)

Страница: 4 из 17



Я люблю цябе, Рыга, i ўвагонным вакне ўжо плывуць твае пеўнi.

У гэтай Рызе ня граюць за расчыненымi вокнамi Шапэна й ня ставяць на падваконьнi кубкаў са сьвежазваранаю кавай. Рэч, мабыць, ня толькi ў тым, што на двары восень.

Пазамiнулым лiстападам разам зь лiстотаю рыскiх лiпаў i клёнаў з дамоў абляцелi шыльдачкi са старымi назовамi. Вулiца Ленiна ператварылася ў Брывiбас, гэта значыць, Свабоды, а вулiца Кiрава й наогул зрабiлася Элiзабэтас.

Мужчыны ў белых штанах сустракаюцца на гэтых вулiцах значна радзей, чым мяняльныя канторы, дзе за нашыя "зайчыкi", цi, як той казаў, "шышкебiчы", вы не атрымаеце анiводнага латыскага "рэпшыка", а за сотню расейскiх "ленiнак" вам адшпiляць 45 рублiсаў - пражыцьцёвы дзённы мiнiмум беспрытульнага рыскага ката.

Побач са мною йдзе па Элiзабэтас чалавек, iмя якога вядомае з двух бакоў беларуска-латыскае мяжы. Гэта мастак Вячка Целеш, таму няма нiчога дзiўнага, што неўзабаве мы апынемся ў Вячкавай майстэрнi на Брывiбас, дзе на мальбэрце пачаты партрэт Зоськi Верас.

Раней на прытульнае Целешава гарышча, зь якога беларусы мелi выхад да мора, паказваў рукою бронзавы правадыр. Цяпер Лукiча прыбралi, затое - каб мастаку не было маркотна - зьявiўся сын колiшняга гаспадара дома, якi выцягнуў адпаведныя паперы й запатрабаваў за арэнду трыста на месяц, прычым ня рублiсаў, а даляраў.

Ад гэткае навiны робiцца нiякавата нават мне, госьцю, што трымае ў адной руцэ кiлiшак, а ў другой - крыло вэнджанай курыцы.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]