Не гуляйце каля статуи Свабоды (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
3 из 17
Я пiў з бочкi на хутары пад Рыгаю свойскае пiва на латыскае Купальле Лiго i, не шкадуючы нырак, асушаў кухаль за кухлем у рыскiм бары "Zеm оzоlа", а па-наску - "Пад дубам", дзе праводзiў выязное паседжаньне наш загнаны ў падпольле факультэтаўскiм начальствам гiстфакаўскi "Клюб аматараў пiва".
Я слухаў арганныя канцэрты ў Домскiм саборы i слухаў на прыдзьвiнскай эсплянадзе бывалага марака Мiшу, што пад мэлёдыю завойнага шлягеру "Сiнi лён" у выкананьнi Ларысы Мондрус апавядаў мне пра рыскiя падпольныя публiчныя дамы, у адным зь якiх ён, нацягнуўшы нагавiцы, прачытаў суровае маральнае настаўленьне дзяўчу, што кагадзе дзялiла зь iм ложак.
Аднаго разу ў студэнцтве я прымудрыўся зьезьдзiць у Рыгу зайцам. (Грошай хапала толькi на пiражкi й дарогу ў адзiн канец, i я разважыў, што лепей пакiнуць iх на зваротны шлях.) Блукаючы пасьля неспакойнай зайцовай ночы па старым горадзе, я апынуўся каля разнасьцежанага вакна: за iм гралi на пiянiне Шапэна, а на падваконьнi пад аховаю сiямскага ката дымеў вялiкi сiнi кубак з каваю. Ад'яжджаючы ўвечары ў Полацак, я ўпершыню ў жыцьцi ўбачыў хлопца ў белых штанах. Калi праваднiца выцягнула жоўты сьцяжок, ён укленчыў у запляваным тамбуры i апошнi раз абняў сваю дзяўчыну, што заставалася на рыскiм пэроне. З таго часу ў слове Рыга мне чуюцца яшчэ прэлюды Шапэна, пах кавы, кацiнае вуркатаньне й сьмешныя словы закаханага юнака ў белых штанах з чорнымi каленямi.
Я люблю цябе, Рыга, i тое, што я ўжо два гады не хадзiў па тваiх вулках, успрымаецца як нейкая недарэчнасьць.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|