Не пи густога чаю (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 9
Барыс Iванавiч прыслухаўся i, пачуўшы ўсяго некалькi галасоў, прыйшоў к пункту погляду, што там на аднаго чалавека прыходзiцца каля дзесяцi куфляў.
- У нашы часы, - чуўся адтуль голас, - рыфма ў вершах нiякай ролi не грае. Я неяк раз гаварыў з старшымi механiкамi па гэтай часцi, дык яны мне гэтае самае сказалi. Так што ты, калi гэта сур'ёзна задумаў узяцца сцiшкi сачыняць, дык звярнi на гэта ўвагу. Я табе раю як прыяцель, якi хоча табе дабра.
- Я гэта, братка, бачу, - пачуўся цiхi i нервовы голас.
"Ну, - махнуў рукою i ўсмiхнуўся Барыс Iванавiч, - не з маiм становiшчам па службе слухаць такiя рэчы. Я чалавек практычны i сталы".
"Ну, значыць, так i не давядзецца, мусiць, даведацца, хто гэта пра гiстарычныя тэмы гаворку разводзiў, - падумаў далей Цэнтразыхер, - а цiкава было б пабачыць сталых людзей. Трэба было б пазнаёмiцца з iмi".
На ўсякi выпадак Барыс Iванавiч падняўся са свайго месца i акiнуў вокам столiкi далей. I раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад iм, за другiм столiкам, сядзелi рэгiстратары папер у яго аддзеле - рэгiстратар уступаючых папер Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк i рэгiстратар выступаючых папер Павал Крамiнадавiч Чыстапiс - абодва пажылыя i сталыя мужчыны з акуратна пастрыжанымi чыноўнiцкiмi бародкамi.
- От табе i раз, - сказаў сам сабе цiха Барыс Iванавiч, - вось з iмi-то мне якраз тут не хацелася б сустракацца. Нявыгаднае дзела, калi аба мне сярод служачых пойдзе гаворка, што i я п'ю. На маiм месцы трэба лепш усяго выяўляць сябе за чалавека сучасных поглядаў - за чалавека, якi не п'е, карт не ведае, у Бога не верыць i не любiць мяшчанства.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|