Не пи густога чаю (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 5 из 9

Павал жа Крамiнадавiч яшчэ не паддаваўся - усё абцiраўхустачкаю пад носам ды падпiраў леваю рукою бок.

- Што вы тут, Ферапонт Пятровiч, панiку наводзiце, - накiнуўся ён на Чарнiлюка, - з вас крытык усё роўна, як з нашага кур'ера марксiст. Нашто вам гаварыць аб тым, аб чым вы нiчога не ведаеце. Гурток патрэбен i должан быць!

- Але нашто?

- Аб гэтым можна i не пытаць. Брыдка пытаць аб гэтым у нашы часы. Патрэбен, дый усё тут!..

- Даўней, аднак, нiякiх гурткоў гэтых не было, а паперы ў журнал яшчэ больш акуратна запiсвалiся, чым цяпер!..

- Што вы даўнейшае памiнаеце?! Даўней гiсторыя ў асобе, значыць, гэтае, а цяпер зусiм iншае... Вам яшчэ, як бачу, трэба павучыцца!..

- А вы б, Ферапонт Пятровiч, чым вучыць сталых людзей, адвучылi б сваю жонку ад несучасных мяшчанскiх прывычак...

Ферапонт Пятровiч раптоўна падняўся, растапырыў рукi i, трагiчна пакiваўшы галавою, уставiў свае вочы ў твар Паўла Крамiнадавiча.

- Калi ўжо справа дайшла да жонкi, - закрычаў Чарнiлюк, - то я вам павiнен сказаць, што як вы сабе нi перагэтае!..

I раптам змоўк Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк. Змоўк, а твар яго сабраўся ў змаршчакi, яшчэ больш пачырванеў, губы папрабавалi выявiць ухмылку, ды не маглi. I сеў Ферапонт Пятровiч, уткнуўшыся носам у стол.

- Што вы там такое ўгледзелi? - запытаў шэптам Павал Крамiнадавiч.

Запытаў i падняўся, паглядзеў туды, куды глядзеў Ферапонт Пятровiч, i таксама сеў, прыцiхшы.

Там, у цемнаватым кутку, угледзелi яны нешта такое, што пачало зварачаць iм цвярозасць.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]