Не пи густога чаю (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
7 из 9
"Абы, адно, Бог даў здароўе", - думаю сабе... А гэта якраз сягонняшнi вечар, каб ён згарэў, каб ён, усё сапсаваў - гэта ж Барыс Iванавiч Цэнтразыхер сам таксама ў партыю хоча, i здаецца мне, што скарэй за мяне паступiць, а, паступiўшы, мне ходу не дасць, бачыўшы мяне за куфлямi...
- Смякнеце вы i радуйцеся, - перабiў цiха i ў захапленнi Павал Крамiнадавiч, - раскiньце розумам направа, раскiньце налева i ўразумейце, што ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.
- Чаму?!.
- Чаму?!. Ды папытайце вы ў яго, чаго гэта ён тут сядзiць, у цёмны кут забраўшыся?..
- Як я бачу, - загаварыў вялым голасам Ферапонт Пятровiч, - дык вы, Павал Крамiнадавiч, хоць яшчэ трыццаць тры гады з палавiнаю запiсвайце пад нумар паперы ў журнал, усё роўна будзеце тым, кiм вы ёсць. I перад тым, як пачынаць выказваць думку сваю, заўсёды падумайце. А то заўсёды ўзрадуеце гаворкаю, а пасля гэтай радасцi горш яшчэ на душы робiцца, бо вашы словы на ўзвей вецер.
- Чаму?
- А таму, што вы не падумалi аб тым, што тут не толькi пiва, а чаго хочаш дастанеш. I, можа, ён зусiм не для пiва сюды прыйшоў.
- Вы думаеце? - узрадаваўся Павал Крамiнадавiч. - Калi так, дык тым пачай: калi ён, скажам, настаяшчы напiтак п'е, дык уручаю галавой, што слова нiдзе не скажа, бо сам гэткi самы.
- Эх, Чыстапiс, Чыстапiс, - патрос галавою Чарнiлюк, - служыце вы разам з iм у ваднэй установе, а не можаце дадумацца, што ён можа тут калi-небудзь чай пiць.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|