Ноч пры дарозе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 16 из 26

Ён усё, ходзячы, вылiчваў, колькi яму дадуць за начлег павятовыя, цi не ашукаўся ён, умовiўшыся з пiльшчыкамi за начлег разагнаць усяго дзве плашкi. I на ўсiх, хто быў у хаце, глядзеў звысоку, нават i на жонку сваю. Сябе ж ён лiчыў разумнейшым, хiтрэйшым за ўсiх. I гуляла па губах яго чуць заметная, гордая, звярыная ўсмешка.

Перад тым як лажыцца спаць, ён яшчэ раз абышоў усе свае будынкi. Усюды на дзвярах вiселi цяжкiя замкi, усюды быў парадак. Ён папробаваў, цi добра зачынены вароты ад вулiцы, i пайшоў у хату.

Ужо жабрак спаў на распушчаным кулi каля печы на зямлi. Дыхаў ён цiха. Твар яго задзёрся ўгару, чорныя зубы вiдаць былi з-пад расцягнутых губаў, а вочы былi толькi трохi прыжмураны. Выгляд твару яго быў такi, як бы ён сон свой, так як i ўсё, лiчыў патрэбным не для сябе, а для нейкай незразумелай сiлы, кiруючай яго жыццём, i для гэтай сiлы трэба ўсё адбываць. I многа нейкай ледзяной пакорнасцi, залежнасцi было на гэтым сонным твары.

Ужо на шырокай лаве, галава к галаве, акрыўшыся сваiмi вопраткамi, i пiльшчыкi спалi. На разасланых кажухах каля стала драмалi цыганы, спешна дакурваючы свае папяросы. I павятовыя пайшлi ўжо ў сваю каморку. Толькi адзiн Мiкiтка стаяў каля лямпы з адною разутаю нагою i круцiў у руках бот, разглядаючы на iм новыя дзiркi.

Рыжы пастаяў трохi каля Мiкiткi i пайшоў цераз сенi ў сваю палавiну.

IV

Скрозь дрымоту Мiкiтка пачуў, як з вулiцы застукалi ў вароты, потым чутно было, як бразгаў у сенях рыжы i гаварыў моцна, аж крычаў, на двары каля варот. Пачакаўшы трохi, ён адчынiў дзверы i ўпусцiў у хату жанчыну.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]