Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
17 из 26
Шэрая, узлахмачаная, цяжкаю, разбiтаю паходкаю прайшла яна на сярэдзiну хаты i стала, дзiка азiраючыся. Мiкiтка бачыў востры, нецярплiвы ўзгляд яе вачэй, нейкую ненармальную, аж сiнюю, чырвань на твары. Потым ён, задзiвiўшыся, аж усхвацiўся з свайго кажуха, калi яна паволi апусцiлася ўнiз i села там, дзе стаяла, адкiнуўшы ўбок голаў i абапёршыся аб землю вывернутымi рукамi.
Мiкiтка падбег блiжэй.
- Гэта ж яна гэтакая хворая, - закрычаў ён, нагнуўшыся над ёю, - т-ты, гаспадар!.. Рыжы...
Рыжага не было ўжо. Ён яшчэ на вулiцы не хацеў пускаць падарожную. "Што з яе возьмеш?" - думаў ён. Потым, угледзеўшы, што ад яе не адвяжашся, падняў голаў, паглядзеў на зоры i сказаў сам сабе пад нос:
- Гм... паўночы ўжо прайшло... няхай паваляецца дзе-небудзь на зямлi... - i, упусцiўшы жанчыну ў хату, пайшоў у сваю палавiну.
На голас Мiкiткi ён нехаця прасунуў заспаны твар у прачыненыя дзверы i недавольна сказаў:
- Ну, чаго яшчэ там?
- Яна саўсiм хворая, - крыкнуў Мiкiтка.
- А што, я вiнават, - сярдзiта сказаў рыжы i падумаў: "На чорта я яе пусцiў, адно клопату..."
Мiкiтка нагнуўся нiжэй, паглядзеў у твар жанчыне, потым выпрамiўся i мармытнуў цiха рыжаму:
- Скора памрэ.
- Да што ты, - перапалоханым голасам прагаварыў рыжы i, падступiўшы блiжэй, глянуў на жанчыну, ды так i астаўся стаяць з растапыранымi рукамi.
Было нешта такое ў шырока расплюшчаных вачах жанчыны, што раптоўна вызывала ў другiх страшэнны жах, незразумелы страх.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|