Ноч пры дарозе (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
18 из 26
Зрэнкi ў яе вачах апусцiлiся ўнiз, i яна як бы глядзела ў сярэдзiну самой сябе, i прытым так, як бы бачыла там нешта надзвычайна жудаснае. Потым яна гэтымi сваiмi страшнымi вачыма стала дзiка вадзiць вакол сябе. А пасля саўсiм лягла на зямлю, потым зноў паднялася... зноў лягла...
- Што табе, цётка? - запытаў пацiху Мiкiтка.
- Боль... усюды...
- Даўно?
- Часта хапае...
- Адкуль жа ты?
- Так хаджу... бежанка...
- Мусiць, заразлiвая нейкая хвароба, - сказаў пацiху Мiкiтка рыжаму, гэтакiя хваробы на ўсiх пераходзяць.
- I рабi што хочаш, - развёў рукамi атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкi, гледзячы ў вочы кабеты i сам адчуваючы тое, што было ў iх. Страшную пустату, якая з'явiлася на месцы ўсякiх думак, разам запоўнiла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялiкае па сваёй сiле i страху, якi з'явiўся з iм. Тут было i не перажываемае нiколi прагненне не бачыць таго, што свяцiлася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахвацiць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.
I яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.
"Гэта ж смерць ужо", - мiльганула ў галаве яго вострая думка, i яго абхапiў прылiў смутку.
Енкi хворай глушылi яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай i яго было ў хаце чатыры сонных чалавекi, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакi i падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што лiпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю - згубiць яго. I, як у гарачыню пiць, захацелася яму цiшынi i спакою.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|