Ноч пры дарозе (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 19 из 26

Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялiчыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мiкiткi:

- Хоць бы агонь у лямпе прыкруцiць трохi.

Усё гэта цягнулася некалькi кароткiх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся i пайшоў у сваю палавiну. Там, накiнуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць i не мог...

Першымi ад енку жанчыны прачнулiся цыганы. Яны ў неразуменнi перакiнулiся адзiн з другiм некалькiмi словамi, азiрнулiся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталi, падышлi блiжай i глянулi ёй у твар. Там выразна адбiвалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькi ўжо з большай сiлай.

- Нейкая вельмi заразлiвая хвароба, - сказаў Мiкiтка, сам не ведаючы, дзеля чаго.

I цыганы абодва глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робiцца вакол iх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлi на двор i сталi запрагаць конi. I ўжо толькi там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылi, перабiваючы адзiн аднаго. Потым пайшлi ў хату, забралi свае рэчы i пайшлi к гаспадару.

Там яны зноў глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю вiноўнасць перад нейкiм за тое, што робяць.

- Х-х-х-хузяiн, э...х-х-хузяiн, бяры грошы за начлег.

- Палажы на стол, - абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.

Ён саўсiм не здзiвiўся, што цыганы сабралiся ехаць. Ён цяпер рабiў натугi, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна i цiха, нiчога надзвычайнага не робiцца.

|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]