Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
101 из 117
Кожны раз, як пачынаю засынаць, мне чамусьцi здаецца, што я забыўся зашчапiць зашчапку. I кожны раз даводзiцца ўставаць i iсцi правяраць. Нi ў чым немагчыма быць упэўненым! Але не думайце, што гэта занепакоенасць тлумачыцца ў мяне звычайным уласнiцкiм iнстынктам. Раней я наогул не зачыняў нi сваёй кватэры, нi аўтамабiля. Я нiколi не быў жмiнда i не тросся над сваёю маёмасцю. Шчыра кажучы, мне было нават крыху сорамна, што ў мяне нешта ёсць. Не раз у свецкай кампанii мне даводзiлася ўсклiкаць: "Уласнасць, панове, - гэта забойства!" Але таму, што душа ў мяне была не настолькi шырокая, каб падзялiцца скарбамi з якiм-небудзь вартым павагi старцам, я пакiдаў кватэру адчыненаю, каб выпадковыя зладзеi маглi самi выправiць такую страшэнную несправядлiвасць. Праўда, цяпер у мяне нiчога няма. А гэта азначае, што я клапачуся не пра маёмасць, а пра самога сябе i пра сваё самаўладанне. I апроч таго, я не хачу, каб нехта пабочны мог пранiкнуць за дзверы гэтага маленькага свету, дзе я сам сабе i цар, i папа, i суддзя.
Дарэчы, адчынiце, калi ласка, тую вунь шафу. Ага, бачыце, там карцiна. Не пазнаеце? Ды гэта ж "Непадкупныя суддзi"! I вас гэта не ўражвае? Ну-у, значыць, у вашай адукацыi ёсць прагалы. Каб вы ў свой час чыталi газеты, вы б мусiлi памятаць пра крадзеж, якi адбыўся ў 1934 годзе. Тады з сабора св. Бавона ў Генце была ўкрадзеная адна створка славутага алтара Ван Эйка "Боскае ягня". Тая створка якраз i называлася "Непадкупныя суддзi". На ёй былi намаляваны суддзi на конях, якiя прыехалi ўкленчыць перад святою жывёлiнай.
|< Пред. 99 100 101 102 103 След. >|