Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
103 из 117
Па-чацвёртае - таму, што дзякуючы такiм махiнацыям у мяне ўзнiкае шчаслiвая магчымасць трапiць у турму, а думка пра гэта мяне ўжо даўно спакушала. Па-пятае - таму, што ўсiм вядомыя суддзi едуць на спатканне да ягняцi, а нiякiх ягнят даўно ўжо няма, як няма i бязвiннасцi, а значыць, рукою спрытнага злачынцы кiравала невядомае нiкому правасуддзе, i лепей яму не пярэчыць. I нарэшце - таму, што цяпер усё становiцца на сваё месца: правасуддзе канчаткова аддзяляецца ад бязвiннасцi, бязвiннасць апынаецца на крыжы, правасуддзе - у шафе, i ў мяне вызваляецца шырокае кола для дзейнасцi згодна з маiмi перакананнямi. Я нарэшце магу з чыстым сумленнем займацца сваёю цяжкай прафесiяй суддзi-пакаяльнiка, якую абраў пасля столькiх пакут i нягод i пра якую, у сувязi з тым, што заўтра вы ад'язджаеце, пара расказаць, што яна сабой уяўляе.
Але спачатку, дазвольце, я крыху прысяду. Трэба аддыхацца. Уф-ф! Стамiўся нешта. Зачынiце пакуль што маiх суддзяў на ключ. Вось так, дзякуй. Ну, цяпер пра прафесiю суддзi-пакаяльнiка, якой я займаюся ў сучасны момант. Звычайна мая кантора - у "Мехiка-Сiцi", але вы разумееце, што сапраўднае прызванне далёка выходзiць за межы рабочага месца. I нават у ложку, нават у гарачцы - я заўжды на сваiм пасту. Дарэчы сказаць, гэта не тая прафесiя, якою займаюцца, ёю дыхаюць, дыхаюць пастаянна. Вы не думайце, што ўсе гэтыя пяць дзён я забаўляўся з вамi размовамi дзеля чыстага задавальнення. З мяне досыць пустой балбатнi, якой я займаўся раней. Цяпер кожнае маё слова мае пэўную мэту. I перш за ўсё - iмкнецца прыцiшыць смех i дапамагчы мне пазбегнуць прысуду.
|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|