Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
104 из 117
Але зрабiць гэта, мяркуючы па ўсiм, амаль немагчыма. Бо галоўная перашкода тут самi ж мы: мы першыя сябе i асуджваем. Што рабiць? Адзiны паратунак - пашырыць сваё асуджэнне на iншых, на ўсiх без выключэння; такiм чынам, на нашую долю яго застанецца менш.
Нiкому, нiчога i нiколi не дараваць - вось мой зыходны прынцып. Я не прымаю нi добрых намераў, нi ўважных прычын, нi выпадковых памылак, нi змякчальных абставiн. У мяне нiхто не дастане нi iндульгенцый, нi адпушчэння грахоў. Усё падлiчваецца разам, падсумоўваецца, i потым выносiцца вынiк: "З вас - столькi. Вы - разбэшчаны тып, сатыр, мiфаман, педэраст, прытворшчык i да т. п." Вось так. I нiякага сюсюкання. У фiласофii, як i ў палiтыцы, я гатовы прытрымлiвацца любой тэорыi, якая адмаўляе чалавеку ў бязвiннасцi, i любой практыкi, якая прадугледжвае абыходжанне з iм, як з вiнаватым. Такiм чынам, вы маеце ў маёй асобе палымянага прыхiльнiка рабства.
А без рабства, шчыра кажучы, i не можа быць нiякага канчатковага выйсця. Я зразумеў гэта вельмi даўно. А раней - раней я толькi i гаварыў пра свабоду. Я намазваў яе за снеданнем на свае бутэрброды, я жаваў яе круглы дзень, само дыханне маё было прасякнута яе салодкiм водарам. Я забiваў гэтым словам любога, хто адважваўся мне запярэчыць, я ставiў яго на службу сваiм нiзкiм жаданням i свайму ўладалюбству. Я шаптаў яго ў ложку на вушка заснулай сяброўцы, i менавiта яно дапамагала мне пакiнуць яе назаўжды. Я прамаўляў яго нiбы незнарок... Але я ўжо пачынаю запаляцца i страчваць пачуццё меры.
|< Пред. 102 103 104 105 106 След. >|