Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
89 из 117
Цi ж не была тая жальба, што адчуваецца ва ўсiх яго ўчынках, невылечнай тугой чалавека, якi кожную ноч чуў бясконцыя стогны Рахiлi, што плакала па сваiх малых дзетках, не прымаючы нiякага суцяшэння? Яе енк уздымаўся ўначы, Рахiль клiкала сваiх дзетак, забiтых дзеля яго, а ён - жыў! Жыў!
I вось, ведаючы тое, што ён ведаў, разумеючы ўсё ў чалавечай прыродзе (божа, хто б мог падумаць, што забiць часам меней злачынна, чым не памерцi самому!), ён дзень i ноч катаваў сябе думкай пра сваё бязвiннае злачынства, i яму ўсё цяжэй было мацавацца i жыць - жыць далей. Цi не лепей было пакончыць з усiм, не абараняцца, памерцi, каб не быць тым адзiным, хто жыве на гэтай планеце, каб сысцi туды, дзе, можа быць, ён знойдзе падтрымку? Але падтрымкi ён не знайшоў i панаракаў на свой лёс, за што i быў цэнзураваны. Калi не памыляюся, яго нараканне заўважыў ужо трэцi евангелiст. Заўважыў - i выкiнуў. "Божа, чаму ты пакiнуў мяне?" - далiбог, гэта ж нейкi бунтарскi крык, праўда? Ану, давай яго ножнамi! Заўважце, дарэчы, што, калi б Лука не выкiнуў гэтай фразы, мы наўрад цi звярнулi б на яе асаблiвую ўвагу; прынамсi, месца яна займала нямнога. А цэнзарава забарона прымусiла яе крычаць! Дзiўна створаны гэты свет - хочаш аднаго, а атрымлiваецца зусiм другое.
I ўсё ж жыць далей ён болей не мог. Я ведаю, шаноўны, што гэта такое. Быў час, калi ў мяне, здаецца, не ставала ўжо сiлы, каб пражыць хаця б яшчэ адзiн мiг. Так, у гэтым свеце можна рабiць усё - ваяваць i строiць з сябе закаханага, катаваць блiзкiх i друкаваць ва ўсiх газетах свае фатаграфii цi што зусiм лёгка - бэсцiць суседа, седзячы за вязаннем. Але бываюць хвiлiны, калi жыць, проста жыць далей, патрабуе нечалавечага намагання. А ён не быў звышчалавекам, можаце мне паверыць. У сваёй перадсмяротнай агонii ён сам закрычаў пра гэта, i таму я люблю яго, мiлы дружа, люблю, бо ён памёр, не ведаючы, за што.
|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|