Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 136 из 228

Афiцэр пацiснуў плячыма i сеў у машыну.

Малады чалавек папрасiў есцi. Афiцэр кiнуў у перацёрты на пыл дарожны пясок пачак галетаў, i машына зрушыла з месца. Малады абшарпанец падняў галеты i, жуючы iх, падаўся глыбей у гэты непрытульны лес без ценю i травы i лёг на хвойныя голкi, апанаваны прыступам слабасцi. Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасцi не спынялiся то дробныя баявыя сутычкi, то рух машын, то разрывы авiябомб у розных месцах, то людзi iшлi, i так, i натоўпамi з дзецьмi, i чырвонаармейцы iшлi на ўсход, тулячыся дзе якое ўкрыццё было - лесам цi полем. За тыя днi немцы далёка ўвайшлi на ўсход ад дарожнага скрыжавання. Таксама i на поўдзень ад усходу. У Сумлiчах гаварылi, што немцы ўжо мiнулi Бабруйск. Сумлiчы асталiся цэлыя. Пажар ад авiябомбы ў той першы страшны дзень сумлiчане патушылi. Агонь з'еў усяго паўвулiцы. Першыя нямецкiя калоны ў мястэчка нават не заходзiлi: Сумлiчы ад шашы былi ўбаку. Артылерыйская кананада i авiяцыйныя налёты аддалялiся, i, дзень за днём, настала часiна, калi ў вулiчных закутках было чутно, як дзе-небудзь, дзе на сонцы спёка i бляск, загудзе муха. I птушыны шчэбет чуцён усюды. Ужо многа станавiлася цiшынi, i чалавечая душа магла ўтапiць у ёй сваё ўтрапенне.

Тры новыя вулiцы пашырылi мястэчка Сумлiчы на поўдзень яшчэ ў першыя гады пасля рэвалюцыi. За ўсе ж апошнiя гады гэтае месца яшчэ разбудавалася, i тут стварылася як бы новае мястэчка пры старым, усё ў маладых, яшчэ невысокiх дрэвах, тады калi над старым мястэчкам узнiмалiся ў неба купчастыя вяршалiны магутных стагоднiх дрэў.

|< Пред. 134 135 136 137 138 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]