Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
137 из 228
Хаты старога мястэчка саступiлi месца дамам i дамкам новага мястэчка, дзе маляваныя вокны i дзверы прасвечвалiся праз зяленiва кустоў, скрозь панасаджваных ад вулiцы i ў дварах. Тут быў адзiн дом, сцены якога, з смольнага кругляка, ужо ад часу пацямнелi, але не так яшчэ, каб скрыць свае годы. Яшчэ ўсюды вiдно было, што дом гэты новы. Дрэвы навокал яго яшчэ толькi ўбiралiся ў сiлу. Яшчэ i смала на бярвеннi не выветрылася i нават не высахла, а блiшчэла сваёй празрыстасцю, так як выступiла з дрэва год, можа, якiх пятнаццаць таму назад. Дом гэты ўвесь скрываўся ў маладых дрэвах. Вузенькая брамка вяла з вулiцы ў сад за задняй сцяной дома. Брамка ўцiснута была ў таўшчэзныя шулы, вымаляваныя зялёнаю фарбаю. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставiць будынак i абгарадзiць яго навек. З гэтага боку мястэчка пачыналiся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Даўжэзная, можа на кiламетры, сцежка iшла з далёкага поля праз гэтыя паплавы да самага мястэчка. Сцежка канчалася памiж выгараджаных дубовым коллем завулкаў, вулачак, двароў i закуткаў. Доўгая вулачка памiж платамi была працягам гэтай сцежкi i праходзiла паўз сад пры тым бярвенчатым доме. Сад быў абгароджан стаячым плотам з кароткiх аполкаў, па якiх зверху цягнулiся, адна над другой, дзве калючыя драцiны, дзе-нiдзе з шкуматамi з адзежы тых малых смелякоў, што мелi ахвоту бываць без патрэбы гаспадару ў гэтым садзе, у якiм не было анiводнага старога дрэва. Усё маладыя яблынькi i iгрушы.
|< Пред. 135 136 137 138 139 След. >|