Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
139 из 228
Тут ужо было не чалавечае ўладанне, тут ужо няма чаго рабiць чалавеку. Апанаваны бадай што мiстычным жахам, Нявада ўбег у хату. Дзеля гэтага ён адарваў замок ад прабоя. Замок быў зусiм немудрашчы i пагнуты. А сапраўдным замком, добрым, была замкнута брамка з сярэдзiны, з двара. Брама ж была забiта цвiкамi. Усё было зроблена сталым парадкам i па-гаспадарску, i гэта ўвяло Няваду ў раўнавагу: значыцца, яны пакiнулi дом у добрым одуме, могучы агледзецца. У гэтым ён i цяпер быў упэўнен. А цi дабегла тады малая дадому? Напэўна, бо унь сярод двара валяецца жоўты чаравiк з той пары, у якой яна тады ехала з iм. А як усё адбылося i цi разам усе яны? А чаму ж iм не быць разам? Дзiўная рэч, але ў часе гэтых сваiх меркаванняў ён нават i не падумаў, што гэта за мярцвяк i чаму ляжыць у яго ў двары. Можа ён за гэтыя днi, пакуль вёз дзяцей i назад дадому дабiраўся, нагледзеўся ўсяго i ўтупеў на ўражаннi як мае быць, а можа, натуру меў такую, але цяпер ён разважаў сам з сабою i азiраў усе куткi, як бы развiтваўся з iмi. "О, яны сапраўды добра выйшлi адсюль: шафы пустыя i вешала пустое. Адзежу ўсю пабралi. Вось i куфар стаiць, пусценькi, як ёсць. Нават адчынены. I мае новыя боты забралi. Маладцы. Але ж куды яны выбралiся? Што ж, я ў гэтых старых чаравiках буду? Яшчэ калi я iх i дзе знайду?"
Ён быў упэўнен, што ў адчыненым куфры i прыскрынак пусты, але, пакiдаючы, i (хто ведае), можа, назаўсёды, свой дом, ён адкiнуў у прыскрынку вечка ўгару. Цэлы жмут панчох, як i заўсёды. Зялёныя рукавiчкi.
|< Пред. 137 138 139 140 141 След. >|