Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
140 из 228
Ён адгроб з месца гэтую драбязу i бадай што не крыкнуў: "Дык яны ж у неспакоi пакiдалi дом! Бо не пакiнулi б яны тут усяго гэтага". Вялiкае ўтрапенне ахапiла яго. Ён выграб з прыскрынка гадзiннiкi, пярсцёнкi i крыж, з бразгатам спусцiў усё гэта ў кiшэнi свайго пiнжака пад плашчом i пакiнуў дом. Як бы яго хто гнаў адгэтуль. "Божа мой, iх можа ўжо i жывых не быць". Зноў ён прайшоў паўз нежывога чалавека i выйшаў з сялiбы праз дзiрку. Нiдзе не было нi душы. Сонца стаяла над захадам. Нявада абстукаў хат дзесяць, i ўсюды панавала цiхая пустэча. "Няма i дазнацца ў каго, дзе яны". Ён iшоў пустымi вулiцамi i нiдзе не спаткаў нi душы. Рой мошак вiўся перад яго тварам. Вялiкая жудасць ад гэтай пустэчы ўладала iм. Няўжо ён дажыўся да поўнай адзiноты на сваю старасць? Пустое паселiшча страшней за ноч над пустыняй. Ён пачаў выходзiць з мястэчка i на самым выхадзе ўбачыў выклееныя аб'явы. Адна была на вялiкiм лiсце паперы, астатнiя - на меншых. Усе яны лiпелi на сцяне самай крайняй хаты, малой i старой. Было падобна, што той, хто выклейваў аб'явы, баяўся ўвайсцi глыбей у мястэчка i, абы-як прыткнуўшы да першай сцяны паперу, даў ходу з вулiчнай пустэльнi. Нявада пачаў чытаць аб'явы. Самая большая была аб тым, як павiнна трымаць сябе насельнiцтва ў занятых нямецкiм войскам вобласцях, а значыцца, i ў тутэйшай акрузе, i дзе па акрузе ўстанаўляюцца камендатуры, воласцi i палiцэйскiм цэнтры. Пасля там гаварылася аб абавязку кожнага, хто не хоча быць расстраляным або павешаным, вывiжоўваць армейскiх камандзiраў, камiсараў i камунiстаў.
|< Пред. 138 139 140 141 142 След. >|