Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
156 из 228
Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалi з нямецкага палону варочаўся, не нагамi я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелi, i ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)
- А куды ж ты гэта пойдзеш?
- Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты i сама была малая i звалася Волечка. Я толькi пра цябе такую i думаю. Цi ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырвi ты з чалавека сэрца i ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях i звярынае сэрца стане чалавечым.
- Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калi не галодны, - тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнiмку няма.
- Каб адно пайшлося добра, я выратую Лiзу i ўхаваю яе да лепшай часiны. Бывай, Волечка.
Твар яго ўздрыгваў. Ён узяў тонкi кiёк i выйшаў з хаты. Волька таксама выйшла з хаты, замкнула дзверы, вальней распусцiла на галаве хустку i праз некалькi хвiлiн iшла ўжо сцежкаю ў полi.
II
Часамi днём позняга лета пачынае хмурнець дзень, i гэта не збiраецца на дождж, а незаўважна падплылi павевы восенi. Лёгкая плынь ветру зноў зацiхне, i дзень зноў зiхацiць сонцам, але ўжо астаецца пячаць летняга адцвiтання. У поўнай сiле сваёй цвiтуць летнiя кветкi, i трава адростае пасля касы, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала над жоўтым малачайнiкам, i вада ў рэчцы плыве, здаецца, цiшэй. Яшчэ ў пачатку лiпеня бывае зжаўцее адзiн-адзiнюткi лiсток на бярозе, i так ён сярод пышнай зелянiны трымаецца доўга. А ў гэты дзень ён адарвецца i кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву.
|< Пред. 154 155 156 157 158 След. >|