Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
157 из 228
К вечару пакiдае звiнець неабдымная шырыня летняга дня, i кладзецца цiшыня на зямлю. Жоўты лiсток з бярозы ляжыць у траве i вiдзён здалёку, i без яго, здаецца, не пахнуў бы так чабор, не такi прывабны здаваўся б верас i не было б такога вялiкага шчасця ў душы бачыць траву i дрэвы, сiратлiвы куст шыпшыны i вяршалiну высокай хвоi, на якой цiха ляжыць праменне блiзкага да заходу сонца.
К вечару вецер сцiх. I бязлюдная лясная дарога была зусiм цiхая. У нiзкiх месцах на ёй стаяла вада. Велiчэзная бяроза ўзнiмалася i над дарогай i, здавалася, над усiм лесам. Жоўты лiсток з бярозы заблытаўся ў траве i вiсеў у ёй. Многа было верасу, выносiстыя хвоi iшлi ўгару, сонца ляжала на iх вяршалiнах. Блiзка быў вечар. Пры самай дарозе, у густым зараснiку ядлоўцу i крушыны, на паваленым навальнiцаю i ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб i глядзеў на жоўты бярозавы лiсток у траве. Ён быў нейкi нерухомы. Твар задумёны, маўклiвы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Цi можа жоўты лiст абудзiў у iм журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднiмаўся, вытыкаўся на дарогу, акiдаў яе позiркам у два бакi i зноў адыходзiўся ў гушчар сядзець, жаваць хлеб i глядзець на жоўты лiсток. Калi пачало змяркацца, ён узнепакоiўся: стаў часцей выглядаць на дарогу, схаваў у торбу недаедзены хлеб, скiнуў боты, перакруцiў на нагах анучы i зноў абуўся. Твар яго меў нахiл быць даўгаватым. Тыдняў два няголеная барада ўжо густа адростала.
|< Пред. 155 156 157 158 159 След. >|