Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
158 из 228
Ужо добра ўмеркла, ужо i лiсток ледзь вiдзён стаў, а чалавек трымаў сябе на гэтым месцы ўсё так жа. Ён быў як прывязан тут. Некалькi разоў засаб ён уздыхнуў. "Божа мой, Божа мой". Здавалася, што яму цяжка тут чакаць таго, чаго ён чакае. Нарэшце, калi ўжо зусiм сцямнела, ён выйшаў на дарогу i стаў у нерухомасцi, прыпершыся плечуком да вялiкай бярозы. Ён не ўглядаўся, а толькi прыслухоўваўся. Над лесам засвяцiлiся зоры, а ён усё стаяў. I так, можа, некалькi гадзiн. Ужо i зоры ночы позняга лета папялець сталi. Ён апошнi раз уздыхнуў, успамянуўшы Бога, знайшоў папацёмку сваё ранейшае месца пры паваленым дрэве, лёг на зямлю галавой на трухлявы ствол i адразу заснуў, як самы стомлены чалавек. Нi разу ён не паварушыўся, аж пакуль высокае сонца новага дня не засвяцiла яму проста ў твар. Тады ён шпарка прахапiўся, затрапятаўся, плюнуў i ўздыхнуў i зноў вызiрнуў на дарогу. Непамыты пасля сну i змяты твар яго быў шэры, i смутак ляжаў на iм. Ён дастаў з торбы абкусаны ўчора хлеб i зноў стаў есцi яго. Цягавiта, як добры гаспадар ходзiць за плугам, ён зноў стаў акiдаць у два бакi вачыма дарогу i зноў час ад часу садзiўся на паваленае дрэва. Прыйшла хвiлiна яму, нарэшце, пачуць штосьцi такое, чаго ён можа так доўга i чакаў тут. Гэта iшоў хтосьцi поблiзу. Тут выразна чулася чалавечая хада: цiхая ў самой сабе i лёгкая, але яна чутна была здалёку, вядома ў лесе, дзе пад нагамi ўсяго многа. Твар у Ракуцькi адразу ажыў, як толькi ён пачуў нечую хаду. Здаецца, рукi яго задрыжэлi. Позiрк пацвярдзеў, i пастава выпрасталася.
|< Пред. 156 157 158 159 160 След. >|