Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 16 из 228

Пасля гэтага ён паклаў пiсьмо сабе пад галаву i неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень iшоў к вечару. Сонца стала нiжэй i пачало бiцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй i прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплiвая з усiх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе i глядзеў, як конi ядуць сена. Фельчар моўчкi сядзеў i пасля разгаварыўся з Волечкай.

- Дык i табе, дзяўчо, прыйшлося горка, - казаў ён. - Ну, бацька твой, дарма што пiсем не шле, а можа быць жыў i здароў i хутка вернецца дадому. Дык ты нiчога кепскага не думай, а жывi сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкiдае тое, што ёсць, i наблiжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але i ў самай большай на свеце пасудзiне ёсць дно, няхай сабе яна хоць i да краёў налiта атрутай. А ты стаiш перад векам сваiм, дык атрута i горач выветрацца i высахнуць, а ты жыць будзеш... Дык як жа мне, - сказаў ён нарэшце да салдата, - трэба дадому брацца.

- Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, - прагаварыў салдат. - А мы з немцам у дарогу заўтра.

I гэтулькi было ў салдацкiм голасе спакойнай ураўнаважанасцi, гэтулькi было ў iм упэўненасцi, што ўсё на свеце iдзе да таго, да чаго яно iдзе, што здавалася, нiякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, i ўсе ў хаце чулi, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару i ляжаў так, гледзячы ў столь.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]