Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 17 из 228

Фельчар даў яму яшчэ парашок, i той, мусiць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць i не рвуць на кавалкi, а лечаць, выпiў лякарства i зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату i, нi на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:

- Дык можна ж было i ўчора пайсцi да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры iнтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапiўся!

- Намнога ты за яе старэйшы? - сказаў фельчар хлопцу i паказваючы на Вольку.

- Адкуль жа я магу ведаць? - пацiснуў плячыма хлопец.

- Як гэта? Хiба яна не сястра твая?

- Я на выгнанства ад вайны еду.

- Тут асталяваўся жыць?

- Не, я тут бацьку хаваў.

- Куды думаеш ехаць?

- I сам не ведаю.

- Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбiрай тую, якая не вядзе ў прорву.

Прыйшоў салдат i сказаў, што фурманка пад'едзе пад хату.

Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завiхацца ля печы.

- Прынясi мне лому, - сказала яна да Кастуся без якой бы там нi было выразнай iнтанацыi ў голасе, i ён ахвотна прынёс лом.

- Увапхнi ў печ i запалi, бо я вельмi спяшаюся.

Сонца спускалася ўсё нiжэй, праменне яго з кожнай хвiлiнай зменьвала свой колер, i нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць цiхага змяркання. I тут пачалася паэзiя спакойнага адвячорка ў хаце. Усе цiха сядзелi, кожны на сваiм месцы i са сваiмi думкамi.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]