Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
179 из 228
Адным словам, жонку забралi, а па нас стралялi, аж пакуль мы не адкацiлiся за крайнюю хату. З палавiну нашага пасёлка, i жонку маю, пагналi ў лагер, а мы з Тамашом разам з усiмi. Ну... Тамаш хлопец бывалы i камандаваць на вайне ўмее.
- А пра Лiзавету што?
- А Бог жа яе ведае. Анiчагуткi нiякага слыху. Думай што хочаш. Больш я i не бачыў яе. I ў цябе ж, кажаш, дачка малая Лiза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?
- Я напэўна не ведаю.
Зноў Сымон Ракуцька i Кастусь Лукашэвiч змоўклi на доўгi час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, i зоры цьмелi.
- А цi даўно я так глядзеў на зоры, калi шукаў яшчэ сабе дарогi на ўсё жыццё! Усё прайшло як адзiн дзень. I зноў як прыйшлося. Лiзачка, дачушка!
Кастусь Лукашэвiч шпарка ўстаў i закурыў. Ён i Ракуцька яшчэ цэлыя суткi так прагутарылi тут, пасля кожнай гаворкi даючы па гадзiне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з'явiўся Тамаш i з iм людзi. Усе аставалiся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамiнаюць, што ў тыя днi Сымон Ракуцька многа бываў на людзях i любiў слухаць, калi хто што расказваў. Тамаш мала быў вiдзён. Кастусь жа Лукашэвiч быў вельмi задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з'явiлася тут Волька. Яна нашмат змянiлася з таго, калi пакiнула Сумлiчы. Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталi вострымi. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна i рукi трымала ў кiшэнях. Некалькi гадзiн, да ранiцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, i скарга прарывалася ў яе голасе.
|< Пред. 177 178 179 180 181 След. >|