Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
180 из 228
Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзiла наводдалек па лясах i полi там, пад лагерам, i як нарэшце выбрала зручнасць падысцi да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. "Я ляжала ў чорным куп'i некалькi дзён. Раз на дзень да той рачулкi нявольнiкi з лагера з'яўлялiся па воду. Саматугам яны кацiлi бочку на колах. Вартавы немец не iшоў следам за iмi, а садзiўся са сваiм аўтаматам на купiну i зводдалеку сачыў за людзьмi. Адзiн раз я падпаўзла да самай рачулкi i, калi яны ўжо налiлi ў бочку вады i пхалi яе назад, я запытала ў iх, цi няма там у лагеры Лiзы прозвiшча Лукашэвiч... Маладая жанчына з распушчанымi валасамi адагнулася ад бочкi i сказала, што нейкая Лiза ёсць i ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькi год можа быць гэтай Лiзе? запытала я, але немец там крыкнуў, i людзi наляглi на бочку. Можа, гэта i яна, даўно ляжыць..." Вельмi доўга яны маўчалi. Канчалася ноч, Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо i зарыдала.
- Нашто цябе благi лёс прывёў тады да мяне, калi я была малая... Божа, якая пакута!
Кастусь змрочна запытаў:
- Дык дзе ж бацька?
- Не ведаю, дзе бацька. Знiк. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукi адбiтае ад дошчак акно заплятаюць.
Як прайшоў дзень i сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Нi голасу, нi шоргату. Стала поўная цiшыня. I ветру не было, але лiсце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жаўталiсцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнка. Тут не было нi душы.
|< Пред. 178 179 180 181 182 След. >|