Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
182 из 228
Мясцовасць тут была вышэйшая,узгорыстасць гусцейшая, i дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малiбажкаву гару памiж Заняведамскiмi i Вераб'ёўскiмi лясамi i рэзалася проста ў некалькi шырозных тарфяных балот. Кiламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полi вялiкi, як гара, камень дзiўнай формы i не менш дзiўнымi на iм слядамi мiнуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавiну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога i ўбiтага ў зямлю адным рабром сваiм. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязiўся ў зямлю, а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаiць на адной назе. Камень гэтакi высокi, што пад iм мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, i мог такiм парадкам закрыцца зверху i ад бомбы i ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты i бадай што правiльны чатырохкутнiк, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла iмхом, верх жа аставаўся зусiм чыстым. Узлезцi на верх гэтага каменя было вельмi цяжка. Малыя пастушкi, найпярвейшыя лазуны, станавiлiся пры каменi адзiн на аднаго i верхняга падсаджвалi, ды i то мала каторы мог здзержацца, вiсючы на руках, i не ўпасцi на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кiм i калi, быў выразаны рысунак тонкiмi i неглыбокiмi рысамi, але вельмi выразны. Рысунак не быў удалы i тым больш не быў нават блiзак да мастацтва.
|< Пред. 180 181 182 183 184 След. >|