Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
196 из 228
А як той немец трапiў у палон i ляжаў хворы ў маёй хаце, дык за добры догляд пакiнуў усё тое маiм дзецям. Усё захавалася як ёсць. Я прынёс пану Палiводскаму.
- Гэта я Палiводскi, - нецярплiва сказаў высокi.
Няваду быццам праняло электрычным токам. Перад iм стаяў стары чалавек, хударлявы, з тварам такiм, што, здавалася, да яго прысохла вечнае чаканне. Нявада зрабiў рух да акна, дзе святлей, i загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткi. Палiводскi не спускаў з яго вачэй, i губы яго перасмыквалiся часцей, ужо дробна i бесперастанку. Было маўчанне i цiшыня. Угнуты Нявада пацягнуў за канец суровае нiткi, i пачуўся сухi трэск, i насупраць акна льга было ўбачыць, як з таго месца вопраткi, дзе рванулася нiтка, пайшоў пыл. Не адгiнаючыся, Нявада ўсадзiў пальцы пад адпораную падшэўку i абмацваў там. Тут пачуўся яго голас. Ён гаварыў:
- Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, i праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс i шукаў вас, i прапытваў у людзей больш як... не лiчыў дзён, але больш як месяц. Я ў балотных закутках i ў сабачых норах хаваўся i туляўся, абы каб не напаткаць каго i каб цэлае данесцi... Божа мой. Каб жа льга было верыць у чалавечае сэрца i каб пранялi яго пакуты дзiцяцi, яшчэ зусiм недарослая дзяўчынка... (Тут ён абмацаў i дастаў з-пад падшэўкi гадзiннiкi. Палiводскi ўцягнуў нiжнюю губу ў рот i сцiснуў яе так.) Яна там без ратунку i без... без... без жыцця можа ўжо! (Ён павысiў голас i дастаў з-пад падшэўкi звязаныя пярсцёнкi.) Вам жа гэта слова сказаць, i пакiне яна мучыцца...
|< Пред. 194 195 196 197 198 След. >|