Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
197 из 228
- Пра каго ты гаворыш! - крыкнуў нецярплiва Палiводскi, не маючы сiл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.
- Ласкавенькi мой, любенькi мой, дарагi мой, душою i целам прашу, дастаньце яе з лагера i аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава - цi пылам, цi мылам, як калi бывала ў яе. Ратуйце яе i мяне цераз гэта... Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло... Чалавек жа, нават i акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, цi глядзеў я калi на каго з сваiм гонарам... Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся...
Тут ён дастаў з-пад падшэўкi крыж i застыў маўклiва. Можа, ён успамiнаў, цi не асталося яшчэ чаго, i не бачыў, як Палiводскi раптам збялеў тварам i рукамi зрабiў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся i паклаў усё на стол. Поўны вялiкага чакання, ён стаў перад Палiводскiм i не зводзiў вачэй з яго твару. Некалькi разоў твар Палiводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, i вочы быццам ашклянелi. Ён падсеў да стала i глядзеў на крыж, на якiм мiльгацелi нават у сваёй нерухомасцi каменнi.
- Нявiннае дзiця... Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата...
Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Палiводскi пражыў жыццё адзiн, без сям'i i без дзяцей, i тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Палiводскаму было нiчым. Нарэшце i Нявада змоўк, i маўчанне гэтае, здаецца, навалiлася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Палiводскi раптам падпёр твар рукамi i прамыляў губамi так, што Нявада ледзь пачуў:
- Позна ўжо... няма... i не трэба! - апошняе слова ён выгукнуў мацней i зноў замыляў губамi.
|< Пред. 195 196 197 198 199 След. >|