Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
201 из 228
Нiчога нiдзеён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзiны ён ужо iшоў нейкаю лясною сцежкаю, i напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбiлася з-за тумановага засцiлу сонца, чырвонае, круглае i вялiкае, у прасвеццi памiж дрэў яно стаяла, як аглядальнiк зямлi. "Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, i клён той, i можа хоць адзiн якi яшчэ знойдзецца там блiзкi знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кiм, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колiшнiх надзеях..." Ён сцiснуў зубы ад крыўды i нянавiсцi. I дзiўна. Яго надзея не спраўдзiлася. Тое, што Палiводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкi. Безнадзейнасць i чорны смутак душылi яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. "Iсцi ад сонца - дык прыйсцi на захад". Ён як бы працверазiўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялi яго за ноч ногi? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклiвыя вароны, скрыжованыя сцежкi цераз поле, i чалавек нейкi.
Гэты чалавек стаяў у нiзкiх зараснiках на мяжы поля i лесу i вiдзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блiзка, што Акаловiч выразна заўважыў, што ён даўно не галiўся. Адзiн на аднаго яны глядзелi, i той раптам гукнуў:
- Эй, хто ты, падыдзi сюды!
Акаловiч нехаця i з такiм адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека.
|< Пред. 199 200 201 202 203 След. >|