Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
210 из 228
Яе адцягненыя шчанятамi цыцкi былi абвугленыя, i ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны i ад бягi патрэскаўся i змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лiзавету, сука ўпала на зямлю, i, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны i зноў заенчыла i заскуголiла. Вялiкiя вочы яна ўставiла ў Лiзавецiн твар, i здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лiзавета пабегла. Адбегшыся, яна азiрнулася i ўбачыла, што сука ляжыць i дзярэ лапамi зямлю, а агонь i дым удалечынi пачалi ападаць. Подбегам Лiзавета дайшла да вялiкага шляху, спынiлася апанованая одумам, паглядзела ў залiтую сонцам прастору i зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, i ўсю ноч, i палову наступнага дня яна iшла i выйшла на большы шлях i ўсё iшла. I ўвесь час душу яе цiснула гора i смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання i ўвайшла ў лес. Яе дагнала i пачала мiнаць невялiкая калона нямецкiх танкаў. Танкi iшлi адзiн за адным на вялiкай разлегласцi. Яна перастаяла iх усе, стулiўшыся за дрэвам. Ужо i гул iх знiкаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкi вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, i там шукаць бацькi. Пачаткi нейкай надзеi нараджалiся ў яе. Яна iшла, i ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азiрнулася. Танк стаяў пасярод дарогi. З яго выйшаў немец i махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усмiхнуўшыся, ён узяў яе за локаць i тузануў iсцi з iм.
|< Пред. 208 209 210 211 212 След. >|