Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
211 из 228
Ён падвёў яе да самага танка i паказаў рукой, каб яна ўлазiла ў сярэдзiну. Яна стаяла моўчкi. Ён прыўзняў яе пад пахi i ўсадзiў у танк. Там быў яшчэ адзiн немец. I той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы i яна цесна сядзелi адзiн пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем i абуткам. Раптам танк спынiўся. Немцы пачалi штосьцi шпарка гаварыць памiж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзiн немец вылез з танка, а другi пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьцi прыслухоўваўся. I пацягнуў Лiзавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, i кадык выпiраў з расшпiленага мундзiрнага каўняра. Яна тузанулася i дакранулася зубамi да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамi. Ёй здавалася, што рот увесь напоўнiўся. Як мага, яна цiснула зубы, усё больш i больш. Не могучы апамятацца ад вялiкай трывогi, яна змагалася яшчэ i з немцавымi рукамi, якiя адпiхалi яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць i задушыць яе, яна ўсё больш сцiскала зубы, чула, як немец захроп i як ёй пырснула ў твар.
- Э, э, Генрых! - пачаў абзывацца той другi дзесьцi за танкам. Яна шатнулася ад немца i з нейкага iнстынкту хапiла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкi i два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымi i аслабелымi рукамi куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якiя добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.
- Генрых! - моцна сказаў за танкам немец i нешта засвiстаў. Свiст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца.
|< Пред. 209 210 211 212 213 След. >|