Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 212 из 228

А ёнстаяў за дарогай i ачышчаў рукаў ад засохлай гразi. Ён убачыў яе, штосьцi сказаў i паказаў пальцамi сабе на грудзi. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў iх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка i зазiрнуў у сярэдзiну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калi яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, i цераз дарогу, памiж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча i мундзiрным каўняром у крывi i зямлi. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другiм асеў у зямлю. Зад яго палаў i пасля атух. Так ён i астаўся стаяць адным бокам. Лiзавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мiнула яна вялiкую бярозу з першымi жоўтымi лiсткамi на ёй i iшла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгi час зноў аставалася цiхiм i пустым. Толькi пасля таго як у суседняй акрузе Акаловiч забiў Палiводскага, гэтым месцам зноў пачалi праходзiць нямецкiя танкi. Бяроза тады стаяла зусiм ужо голая, i зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явiўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такiм жа дзiўным, як i страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося i скончылася вось як.

|< Пред. 210 211 212 213 214 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]