Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 214 из 228

Можа няўяўны прывiд Лiзаветы паўстаў перад iм. Ён увесь як бы закалацiўся перад Лiзiным позiркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:

- Стой! Падай!

Немец угнуў галаву i рынуўся яму ў ногi. Можа ён хацеў збiць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапiў яго за плечы, i можа нават тады, калi апошнi раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальнiцай, у яго не было такога вялiкага ўтрапення. Душа яго калацiлася, i думка ўзнiмала пакутныя вобразы мiнуўшчыны. Уся iстота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамi. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар i адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у iм нарадзiўся той чалавек, што блiзкiм часам узвысiў сваё iмя, пасля чаго Лiзавета пачула пра яго i прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лiзы. Яе позiрк з'iначыўся ў гэты момант. Тонкая i хiсткая, як травiна ў суш, яна разам з iм пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласiла Ракуцькава жонка i закрычаў Тамаш:

- Хто можа бiцца?! Хто хоча зброю?!

А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лiзе людзям:

- Кiруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забiрайце ўсе конi i вазы i назад сюды! Тут многа хворых.

У гэты момант толькi яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калi ж узышло сонца i паднялося так, што цень ад хвоi быў толькi напалову даўжэйшы за яе, людзi цiха пачалi выходзiць адусюль з поля i збiрацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкi салдат ляжаў там у дрэвах з прабiтымi штыхом грудзьмi. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына.

|< Пред. 212 213 214 215 216 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]