Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
216 из 228
Збягаючы з ганка, яна пагубiла з ног незашнураваныя чаравiкi i босая, колючы з непрывычкi ногi i абдзiраючы iх, выбегла за дом i ўбачыла там салдата на зямлi з доўгiм i тонкiм нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
- Густаў! - закрычала Гертруда i адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзi запрагалi ў вазы конi. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полi, у вельмi нiзкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннiк, зрэдку было яшчэ на iм жоўтае лiсце. Гертруда плакала i малiлася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступенi яе ног былi ўжо спрэс у крывi. Доўга ўзыходзiлi яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для iх месца на заваяванай зямлi. Так дайшлi яны да вузкай грады лазы i ядлоўцу. Да гэтага моманту ў iх ужо i заваду не было пачуцця страху. Iх толькi прыгнечвала адчуванне гiбелi. Была прага, каб адбыўся цуд i каб перад iмi з'явiўся iх сын, у якога яны верылi. Яны не ведалi i не хацелi ведаць, што ў гэты дзень рабiлася ў маёнтку, уладанне якiм ператварылася так хутка ў горкi здзек над iх марай пакiнуць быць арандатарамi. У гэты дзень людзi выгналi з маёнтка жывёлу i вывезлi запас хлеба i садавiны. Вялiкi абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калi Гертруда i яе Густаў сядзелi ў лазе i аддыхвалiся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера i там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калi на фурманкi паклалi i пасадзiлi хворых, абоз рушыў на вялiкi шлях, i ўсе, хто быў тут, пайшлi следам.
|< Пред. 214 215 216 217 218 След. >|