Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
217 из 228
Нават хто i жыў паблiзу Перабродскага лагера, пакiдалi свае хаты i таксама пайшлi следам за тымi i разам з iмi, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскi рух прайшоў скрозь па вялiкiм грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне i далей паўз скалечаны танк, дзе людзi закрывалi далонямi раты i насы: там патыхала трупным духам. Людскi рух мiнуў вялiкую бярозу i кiраваўся далей у бок Вялiкага скрыжавання.
Гертруда i Густаў у той самай лазе дабылi да ночы, i, як сцямнела, iмi апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную ранiцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так i астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пiнжак i камiзэльку i надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вiнават перад ею. А яна ўзводзiла яго вiну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вiнават перад усей Германiяй. Ён распусцiў парасон, i, прытулiўшыся адзiн да аднаго, яны ўсю ноч прастаялi пад парасонам, i гэта была iлюзiя, што яны не зусiм у чыстым полi. На мокрай i прымерзлай зямлi яны сядзець не маглi. Нервовае ўзбуджэнне было ў iх такое вялiкае, што нi ў яго, i тым больш нi ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурылiся вочы. З першым дзённым святлом, калi яно яшчэ толькi пачало цадзiцца, яны рушылi далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска i ўлада, i iх сын! Раптам - цi гэта было сапраўды, цi можа толькi галюцынацыя, але адзiнокi вiнтовачны стрэл прагучаў вельмi выразна. Гертруда крыкнула: "Густаў!" Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне iх расло больш. Ужо яны не заўважалi, цi гэта дзень, цi гэта ноч.
|< Пред. 215 216 217 218 219 След. >|