Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
218 из 228
Далей ад гэтага месца! Блiжэй да ратунку, якi сам падбае пра iх. Не ногi, а нервы вялi iх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нiдзе, яны сцiшылi хаду толькi тады, калi прыйшоў час адчуць iм адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлi быццам спацырам. I тут скончылася iх надзея на ратунак. Дзьмуў у полi вецер, поблiзу гаманiў лес, Гертруда пакiдала крывавы след ад сваiх ног. Шырокi свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў i зiхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькi гадзiн, а нават i дзён яны ўжо не маглi лiчыць. I невядома, цi гэта змяркалася, цi гэта свiтала, калi штосьцi ў полi зачарнелася перад iмi. Усё роўна што гэта, абы толькi што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогi, яны праз колькi гадзiн дацяглiся да чагосьцi маўклiвага i нерухомага. Гэта быў "сухi дзюб". Вялiкi камень мог здавацца ўвасабленнем магiльнага маўчання. У адным месцы пад iм, дзе адна старана яго навiсала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок i нi саломiны, нi травiны на iм. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухi пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску i пакласцi Гертруду. Але ён быў толькi ў адной, упушчанай у нагавiцы, кашулi i з чорным гальштукам на шыi. Гертруда лягла на голы пясок i адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навiссю лёг i Густаў. Вецер шастаў незазябленым iржышчам i абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, цi тут ён.
|< Пред. 216 217 218 219 220 След. >|