Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 220 из 228

Праз колькi кiламетраў ён азiрнуўся i больш як хвiлiну глядзеў, як чарнеецца ўдалечынi "сухi дзюб". Пiнжак абагрэў яго, i звечара ён нават падрамаў у полi на пакiненым пярэбiрку гнiлой грэчкi. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвiткам ён дайшоў да поля, дзе стаялi мэндлiкi нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы i пачаў церцi счарнелыя пад дажджамi каласы. Ён наеўся гнiлога зерня i зноў рушыў у дарогу. Нi надзеi, нi якiх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання i Гертрудзiнай смерцi. Так перайшоў ён малое скрыжаванне i ўвайшоў у лес. I сам ён не ведаў, колькi дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца - ён не мог бы сказаць. I так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лiзаветай танка. Голад з'ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта мiргалi, i твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць i што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, якi панаваў у гэтым кутку лесу. I самога танка ён спачатку не заўважыў. Пiнжак на iм быў ужо расшастаны на шматкi, i абутак злазiў з ног. Калi дзе траплялася, ён выграбаў рукамi з зямлi бульбу i еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзiралася, пазакасвалася i крывавiлася. Барада i вусы выраслi пукамi, i вочы пачалi западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галiне i пiльна ўглядаўся ўнiз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялiкшай на свеце ўвагi.

|< Пред. 218 219 220 221 222 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]