Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 221 из 228

Густаў iнстынктыўна спусцiў свой позiрк з птушкi ўнiз, куды яна ўглядалася i чаго, здаецца, пабойвалася. I сапраўды, мусiць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахiленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка i адчуў на сабе раўнiвы позiрк агiднай птушкi. Ён падняў твар, i позiркi iх спаткалiся. Густаў махнуў рукамi, але птушка нават i не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк i, нiчога спачатку там не разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамi. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! I другi! I тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыцiснуў галеты пад паху i пачаў вылазiць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза i ўпаў тварам на смярдзючыя грудзi мёртвага танкiста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка i на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо iшоў з яго ўласнай барады, носа i рук i мучыў яго. Iдучы, ён абцiраўся то тыльным бокам рукi, то рукавом. А гадзiн праз дзве пачаў жаваць галеты. I ўсё яму здавалася, што на iм ляжыць урачысты позiрк гругана. На другi дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё iшоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што iшла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы ранiцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкi роўны скрып. Трывожна ён азiрнуўся i ўбачыў: галiна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўнiз, надламалася пры ствале, пагойдваецца i паскрыпвае. На дрэве вiсеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы i з дошкаю на шыi, на якой было напiсана: "Я партызан".

|< Пред. 219 220 221 222 223 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]