Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 28 из 228

Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калi ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж - ён увесь дзень малацiў, а яна так сабе круцiлася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу i пайшла даiць карову. Ён стаў збоку i глядзеў, як яна працуе.

- А хто ж табе на жыта ўзараў?

- Я сама.

Ён i не падумаў пра гэта. Якая яна маладзец! Ворыва ж у яго ўяўленнi заўсёды звязвалася з вобразам здаровага мужчыны. Калi яны прыйшлi ў хату i запалiлi агонь, нiхто з iх не хацеў есцi каўбасы.

- Ты малацiў цэлы дзень!

- А ты арала можа цэлы месяц!

Каўбаса так i асталася на стале, i толькi назаўтра зранку яны з'елi яе ўдваiх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба i мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Тры днi лiў дождж. Кастусь толькi i займаўся тым, што зранку малацiў, а адвячоркамi ўкошваў травы коням нанач. На чацвёрты дзень падзьмуў вецер, i шэрыя засцiлы восеннага неба паднялiся ўгару. Уночы зырка ўзышлi зоры, i пачалiся днi з цiхiм сонцам i жаўталiсцем на дрэвах i пад дрэвамi. "Можа я рассеяў жыта i не вельмi мерна, але затое добра забаранаваў. Зерне ў зямлi, то яно ўзыдзе". Так думаў ён. I на душы ў яго было лёгка: ён жа скончыў такую важную работу! "А цяпер ужо хутка можа прыйдзецца i ехаць куды-небудзь". I ён узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Ён важдаўся з параю коней i днямi i начамi. То кармiў iх, то пасвiў.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]