Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
29 из 228
Нарэшце зноў прыйшла шчаслiвая часiна: Волечка сказала яму:
- Можа, ты мне паможаш на зiму дроў навазiць?
Трэба думаць, што яна адчувала яго смутак перад невядомасцю будучынi. Часамi яе агортаў одум. Яна думала пра яго i шкадавала яго. Можа гэта ўжо фармавалася жаночая душа, у якой многа месца для чужой бяды. Ёй было вялiкай радасцю бачыць, як ён шчаслiва ажывiўся i ўхапiўся за прычыну яшчэ тут астацца. Яна ўжо разумела яго навылёт. I гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкi i патрэбы. Кожны дзень яны пачалi ездзiць у лес. I так засталi iх ужо добрыя прымаразкi. Рэчка з берагоў пачала прымярзаць, вада ў ёй стала чыстая, i на сонцы дно прасвечвала ў ёй усюды. Гэта былi днi апошняга смутку Кастуся Лукашэвiча. Раней смутак з'яўляўся ў яго парывамi. Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупiўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усiм тым, што страцiлася i што ўжо вярнуць было цяжка, i на гэта надзей не было - смутак аб гэтым ападаў i зменшваўся, i аставаўся без выбухаў i болю. Ужо з'яўлялiся ў душы першыя адзнакi таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасцi. Ясныя былi днi, i марозлiвыя, i, як заўсёды ў тую восень, цiхiя. Цiшыня i спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалi ў маленстве. На даляглядах сiнелi лясы. Вялiкiя дрэвы раслi пры дарогах, i чым вышэй яны iшлi ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла i нiкла трава, але над вадою яна стаяла зялёная i тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзiкiх iгруш на межах i выганах ляцела ў вецер счарнелае лiсце.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|