Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
30 из 228
Камень пры дарозе абростаў iмхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялiкую разлегласць грукацелi колы па мерзлай зямлi, кожны дзень на ўсходзе i захадзе неба доўга палала ясным хараством, i не было той ночы, каб зырка не свяцiлi зоры. Гэтымi начамi Кастусь не спаў моцна i глыбока, як гэта бывала з iм раней. Не нуда i не смутак ужо, а руплiвая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднiмаў галаву i прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да свiтання. Увосень ночы доўгiя. Так па некалькi разоў на ноч ён выходзiў слухаць, цi ядуць конi. Але найбольш еў адзiн конь, яго. Волеччын жа быў зусiм стары. З'едзенымi зубамi ён склычваў сена ў мокрыя камякi i, утамiўшыся, стаяў над iм. Кастусь падкладаў яму свежага сена i iшоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькi разоў. Душа яго чула i вочы бачылi, што стаiць хараство зорнай ночы i восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усiм у яго душы, i гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. I гэта ратавала яго ад хваравiтых парываў, якiя навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслiвасць укрывала ад гэтага i Волечку. Цэлымi начамi яна цiха i глыбока спала i ўставала тады, калi пачынала цадзiцца свiтанне. Пры лучыне абое яны рыхтавалiся, як толькi развiднее, выехаць у лес. Дровы вазiлi на Кастусёвым канi. Волеччын нiяк не правiўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала:
- Яшчэ тата казаў, што трэба перамянiць каня.
- Я табе яго перамяню, - адказаў ён ёй на гэта, i яна не прыняла яго адказу за пустыя словы.
|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|