Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
31 из 228
Незаўважна нi для кога з iх яна пачынала адчуваць у iм нейкi для сябе аўтарытэт. Дзень за днём, i куткi Волеччынага двара былi ўжо завалены галлём i тонкiм сухастоем. Ужо на зiму даволi будзе апалу. Але што гэта за дровы! Калi везлi з лесу апошнi воз, Кастусь нагледзеў у гушчырнi, у баку ад дарогi, добрую хваёвую сухастоiну.
- Я яе ўночы спiлую i за дзве ночы перавязу. Вось гэта дык будуць дровы! На самыя маразы, i хлеб пячы. А з самага камля пастаўлю шулы ў браму, а то двор не зачыняецца.
- Як жа яе спiлаваць? А ляснiк звон пачуе.
- Не пачуе. Трэба вышэй пiлы камель шчыльна абкруцiць кажухом i цесна перавязаць, а тады пiлаваць. I нiякага звону не будзе. Толькi кажуха няма.
- А вон жа! - ускiнула яна ўгару плячыма: яна была ў старым, на яе велiкаватым кажушку. - Толькi хiба можа ён малы будзе.
- Якраз добра.
Яна ацанiла яго руплiвасць. У гэтыя часы свайго жыцця, калi яна многа думала пра бацьку, яна была абыякавая да шулаў i да продажу старога каня, але ёй было шчасце мець каля сябе такога блiзкага ўжо i аўтарытэтнага Кастуся Лукашэвiча. Усё, што ён скажа - усё добра. З якой ахвотай яна будзе пiлаваць з iм уночы гэтае сухое дрэва! Гэтая гаворка зноў зрабiла iх як бы нейкiмi змоўшчыкамi. Яна сядзела наверсе воза, а ён iшоў збоку i павярнуў каня на кругавую дарогу:
- Зробiм круг, але паглядзiмо, як узышло жыта, - сказаў ён.
Ён хiтрыў перад ёю. Ужо разоў некалькi ён хадзiў глядзець жыта, а цяпер таму i павёз сюды Волечку, што яно ўзышло добра. Як сявец ён вытрымаў экзамен як найлепш.
|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|