Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 33 из 228

Калi кажушком i свiтай, згамтанымi разам, ён абкруцiў дрэва вышэй пiлы i перацягнуў сваёю папружкай, звон i сапраўды стаў глушэйшы. Як нi старалiся яны цягаць пiлу, прайшло даволi многа часу, пакуль дрэва лягло.

- Пачалi - дык трэба канчаць, - сказала яна, i ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распiлавалi хвою на кавалкi, з абаiх iшоў пот, i вецер працiнаў iх.

- Садзiся хутчэй на воз i накiдайся паверх кажуха маею свiтай, - цвёрда скамандаваў ён. - А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзiшся.

- Тут жа недалёка, я шпарка пайду.

- Садзiся! - крыкнуў ён, i яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класцiся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калi ён вярнуўся дадому, ужо спявалi пеўнi. Разгрузiўшы воз i паставiўшы каня, ён увайшоў у хату цiхенька, каб не пабудзiць яе, i ўбачыў, што яна не спiць, а стаiць цiха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго i баялася якой-небудзь злой прыгоды.

- Не стой, а кладзiся i каб ты мне да ранiцы выспалася! А я пайду ставiць каня i прыхаваю ў пуньку бярвеннi.

З хаты ён выйшаў не раней як тады, калi яна лягла i сцiшылася. Ён доўга важдаўся на двары i ў пунi. Ужо цадзiцца пачынала кастрычнiцкае рассвiтанне; пеўнi галасiлi, здавалася, па ўсiм свеце. "Цi спiць яна, такая клапатлiвая?" Увайшоў у хату i прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелi плечы, нылi ногi, цяжэла галава i хiлiла на кашаль. З вялiкай сiлай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запалiў лучыну i падышоў да Волечкi. Ён здзiвiўся - такi чырвоны i неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, i абыякавасць да ўсяго была вiдна ў iх.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]