Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
35 из 228
Кастусь даiмчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай i раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволi высока i сарваны ёю масток толькi палавiнай сваёй трымаецца пад той бераг, а блiжэйшая палавiна расплылася бярвеннямi. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў - пачыналася адлiга. Колы клалi след на вялiстай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. "Божа мой, спазнюся!" I вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна бiлася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну i ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногi, пасля стаяў на сядзеннi, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднiмалася. Вада ўжо ў яго ў халявах i вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзi. Але як выбрацца з рэчкi? Той бераг вельмi круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад i ледзь выехаў назад на плыткi бераг. Вада з яго лiлася цурком, а на лбе стаялi кроплi поту. Тузаючы лейцы i круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. I такi ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку i аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа i так колькi часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калi ўжо на небе цяжка валаклiся хмары i збiвалiся ў адзiн на ўсё неба засцiл. Iмгла зацярусiлася густа. Фельчар, з раскудлычаным сiвым клiночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмi можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такi нудны дзень, i таму быў такi рухавы, калi ўбачыў праз акно, што нехта пад'ехаў.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|