Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 37 из 228

Ён сам сваiм вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе i сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:

- Па паўднi зусiм распагодзiцца.

Кастусь пагнаў змучанага каня з усiх сiл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылi ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалi ў двор, фельчар не даў Кастусю апомнiцца, сагнаў яго з воза адразу i ўвапхнуў у хату.

- Ты ўвесь ссiнеў i калоцiшся, як святы на споведзi. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазiць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне i ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нiчога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе i рабi што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзi, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся i дыхай сабе ў жывот. Але ж i кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?

- Не, гэта Волеччын.

- Грэйся! З цябе павiнна выйсцi сем патоў, толькi тады маеш права з печы злезцi! Ты мне глядзi! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.

- А як жа iх лiчыць тыя паты? - ледзьве адцягнуў голас Кастусь.

- Выцiрай лоб i чакай, пакуль зноў замакрэе. I так да сёмага разу.

- Добра, толькi я раней пайду каня пастаўлю.

- Не смей! Нiчога каню не зробiцца, калi i пастаiць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць.

|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]