Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
36 из 228
У яго пасярод двара стаяла карова i ела з кучы капуснiк. Певень хацеў умасцiцца на мокрую жэрдку i з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна i нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: "А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!" Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кiнуўся ён да фельчара:
- Дзянь добры вам, я так iмчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём...
- Праўда, масток сарвала, - разважлiва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар i пагнаў у хлеў карову i, iдучы, запытаў:
- Сам адкуль? А што здарылася?
- З Волечкай вельмi дрэнна!
- З якой гэта Волечкай?
- Ну а з той, што вы прыязджалi да яе ў хату палоннага немца лячыць.
- А-а, дык ты з Сумлiч? Той самы выгнанскi сын? Ну, бачыш, як добра, што я параiў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, iдзi ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.
- Няма калi сушыцца, трэба назад iмчацца, яна там ледзьве жыве.
- А што з ёю?
- Ляжыць без памяцi.
- Можа аб'елася чаго?
- Не, у яе балiць галава, горла i грудзi.
- Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калi на небе расчысцiць.
- Не, родненькi мой, паедзем цяпер.
- Чаго ты гэтак спалохаўся? Вiдаць, што нiколi хворых не бачыў.
- Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!
Фельчар нiчога не адказаў i моўчкi стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкi чакаў. Нецярплiвасцi яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў i аж уздрыгануўся, калi фельчар сказаў, што можна ехаць.
|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|