Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
38 из 228
А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькi я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?
- Чую, - прахрыпеў Кастусь, сцiшваючыся за халодным комiнам.
- А цяпер i я павiнен аптэчнага ўзяць, бо i я прамок i дрыжу, як нячысты пад крыжам. - Ён дастаў з кiшэнi пляскатую бутэльку i напалам разлiў усё, што ў ёй было.
- Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пi, не бойся. Бачыш, я не атруцiўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спiрытус! А табе, малая, гэтыя пiлюлi, глытай па тры на дзень. На! Глынi першую. Так ляжыце i мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне iнтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховiча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховiч заiмчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, i ты, малая, усмiхаешся! Ну, дык я на тваiм вяселлi буду гуляць.
I фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзiў галаву з-пад кажуха. Ад спiрытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзiн з яго метадаў хутчэй паднiмаць хворых на ногi - найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялiкi жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякiя уратрапiны i дзiурацiн з папаверынi, нават i тады, калi iх змяшаць разам, аблiць магнезiумам-сульфурыкумам i прысыпаць зверху лакрычным парашком.
Волечка ляжала сцiшыўшыся. Вiдзён быў яе твар, ружовы i спацелы. "Няўжо ў яе i раней быў такi востры нос?" - думаў ён, гледзячы на яе. Сам жа ён, колькi нi чакаў, нiводнага поту не прычакаў. Але яму стала горача, i пакрысе ён пачаў вылазiць з-пад кажуха. А Волечка нават i не варушылася.
|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|