Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
40 из 228
Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў i гадзiннiкаў, чалавечая душа такi танец справiла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца. Слухайце! Я ведаю што-нiшто пра гэтыя пярсцёнкi i крыжык. Гэты немец, пакуль не трапiў у палон, на фронце, памiж баямi i пасля iх, выходзiў на здабыткi: брадзiў па полi i высочваў, дзе ляжыць забiты або ранены расейскi афiцэр, i знiмаў з яго дарагiя рэчы, якiя той меў. Такiм парадкам у яго назбiралася вось гэтае золата. Ну добра. Але вось ён захварэў i хворы трапiў у палон. Або трапiў у палон i пасля захварэў. Ён i сапраўды такi быў моцна хворы. I калi мяне да яго прывезлi, ён хваробу перамог ужо, але яшчэ быў слабы i дрэнна яму было. А тое, што яго вядуць у палон, чужыя людзi i зямля наганялi на яго чорны сум. Ён анiяк не спадзяваўся, што выжыве i што ўбачыць калi-небудзь свайго Густава, якога вельмi любiў i ныў па iм. Ён так i думаў ужо, што Густаў астанецца сiратой без бацькi навек. I вось ён, як з-пад зямлi ўжо, пасылаў вечнае развiтанне свайму Густаву i ўсiм, каго меў там, у Германii. Вось тое пiсьмо. Цэлымi вечарамi я калупаўся над iм. Узяў слоўнiчак i нямецкую граматыку i пералажыў яго слова за словам на нашу мову: "Густаў, сынок мой, i Анна, i Берта, i ўсе, каго я люблю i сохну па кiм у апошнюю сваю часiну! Нам суджана больш нiколi не ўбачыцца. Я ўмiраю ў чужых людзей у палоне. Ведайце навек, што я толькi i думаў, што пра вас i асаблiва пра цябе, мой любы Густаў. Дзеля твае, Густаў, будучынi я ваяваў. Я прынёс бы табе спосаб на цудоўнае жыццё да самай твае старасцi. З арандатараў чужой зямлi мы сталi б уласнiкамi хоць i не аграмаднага, але маёнтка.
|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|